23 верасня 2019 года споўнілася б 95 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку, перакладчыку Артуру Віталевічу Вольскаму.

Мусіць, няма ў Беларусі чалавека, які б не чуў яго цудоўных «Фарбуе верасень лісты…», «Я хаджу па белым свеце…». Не адно пакаленне нашых суайчыннікаў вырасла на ягоных цудоўных вершах, якія лёгка клаліся на музыку, аповесцях і апавяданнях, п’есах для людзей розных узростаў – ад маленькіх да дарослых.

Прыгадаем некалькі цікавых фактаў з жыцця гэтага незвычайнага чалавека.

Нарадзіўся Артур Віталевіч у інтэлігентнай сям’і 23 верасня 1924 года ў Койданава (цяпер Дзяржынск Мінскай вобласці). Яго бацька – Віталь Вольскі – быў таленавітым пісьменнікам, маці – Адэля – вядомай артысткай, дзед – знакамітым доктарам. Жонка Артура Вольскага – Святлана Георгіеўна Яўсеева – вядомая паэтэса і перакладчыца на рускую мову твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага і інш. Традыцыі таленавітай сям’і працягвае сын Артура і Святланы – культавы музыкант і спявак Лявон Вольскі.

Артур вельмі рана пачаў пісаць, чаму садзейнічалі сям’я і сябры сям’і. Першая публікацыя А. Вольскага з’явілася ў 13 гадоў: у 1937 годзе дзіцячы часопіс «Іскры Ільіча» надрукаваў апавяданне «Воўчае гняздо», тады ж разам з Б. Іртышынскім на рускай мове напісаў аповесць «Родная сям’я» (надрукавана ў Хабараўску ў 1953 годзе). Першы верш «Калі б быў бы я паэтам» выйшаў у тым жа часопісе ў 1939 годзе.

Магчыма, на рашэнне стаць пісьменнікам паўплываў і Іван Фёдараў, больш вядомы нам як Янка Маўр, аўтар бессмяротных «Палескіх рабінзонаў», «ТВТ» і дзясяткаў іншых цудоўных кніг для дзяцей. Справа ў тым, што Артур вучыўся ў 25-й Мінскай узорнай чыгуначнай беларускай школе імя А. Чарвякова (там таксама вучыліся Э. Агняцвет, А. Міронаў), дзе гісторыю і геаграфію выкладаў Іван Фёдараў. Адукацыю Артур працягваў у Віцебскім мастацкім вучылішчы.

Праўда, мастаком так і не стаў, бо пачалася вайна. Дзесяць гадоў Артур Віталевіч служыў на флоце. Быў боцманам, мінёрам, ваенным журналістам. Вельмі часта падчас сустрэчы з дзецьмі пісьменнік прыгадваў, што ён боцман.

Пазней працаваў доўгі час у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача – спачатку загадчыкам літаратурнай часткі (1963–1966, 1988–2000), а потым дырэктарам (1966–1978). А. Вольскі ўстанавіў своеасаблівы рэкорд дырэктарства ў ТЮГу – 12 гадоў. Потым быў дырэктарам Дома літаратара, літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР, працаваў у выдавецтве «Юнацтва». Займаўся актыўнай грамадскай работай.

Па звестках Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, Артур Вольскі ўваходзіць у тройкі лідараў пісьменнікаў БССР па агульным накладзе кніжак, выдадзеных з 1918 па 1991. Агульны наклад кніг Артура Віталевіча ў гэты прамежак часу склаў 4 млн 879 тыс. асобнікаў. Болей выдалі толькі Алесь Якімовіч (11 млн 447 тыс.) і Якуб Колас (5 млн 720 тыс.).

Артур Вольскі вядомы не толькі як паэт, але і як драматург і сцэнарыст. Напрыклад, па сцэнарыі, напісаным сумесна з Эдуардам Доўнарам, была знята сумесна савецка-чэшская музычная казка «Марынка, Янка i тайны каралеўскага замка» (тэлеверсія ў дзвюх серыях – «Пастух Янка»). Сумесна з П. Макалём напісаў п’есы «За лясамі дрымучымі», «Марынка-крапіўніца». У 1979 годзе п’еса-казка «Сцяпан – вялiкi пан» была пакладзена на музыку кампазiтарам Юрыем Семянякам, i такiм чынам з’явiлася першая беларуская аперэта для дзяцей, якая тады ж выйшла на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі. Пазней былі напісаны п’есы «Тры Іваны – тры браты», «Граф Глінскі-Папялінскі», «Каб не змаўкаў жаваранак». На Беларускім тэлебачанні былі пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы», «Водар папараці».

Але адным з галоўных клопатаў Артура Вольскага была дзіцячая літаратура. І сёння яго парады пісьменнікам застаюцца актуальнымі: «Цяпер выхаваўчае значэнне дзіцячай літаратуры ўзрастае, хоць ёй і даводзіцца нялёгка. Неабходна ўступаць у своеасаблівае спаборніцтва з тэлебачаннем, кіно, якія часта бяруць знешняй прывабнасцю, маляўнічасцю. Слова ж тады прыйдзецца да дзіцячага сэрца, калі яно ідзе з самай глыбіні. Быць дзіцячым пісьменнікам і не любіць дзяцей – нельга. Калі б з’явіўся такі літаратар, дык, магчыма, ён і дасягнуў бы нейкага майстэрства, а вось што датычыцца шчырасці, непасрэднасці, сумняваюся».

 

НІА