12 верасня 2019 года споўнілася б 90 гадоў Мікалаю Рыгоравічу Матукоўскаму, выдатнаму драматургу і журналісту, заслужанаму работніку культуры Беларусі. Гэта быў вельмі цікавы і прынцыповы чалавек, сапраўдны прафесіянал, які шчыра аддаваў сябе працы.

З нагоды юбілею Мікалая Рыгоравіча прыгадаем 5 цікавых фактаў з яго жыцця і творчасці.

Захапленне тэатрам прыйшло вельмі рана, у дзіцячыя гады. Старэйшы брат удзельнічаў у аматарскім спектаклі «Партызаны» паводле драмы Кандрата Крапівы. Малы Мікола дапамагаў брату вучыць ролю, а праз два дні сам напісаў п’есу, якую паставіў на выгане за вёскай…

Гораду Мінску доўга не прысвойвалі званне «Горад-герой». Мікалай Рыгоравіч непасрэдна спрычыніўся да выпраўлення гэтай несправядлівасці. Уласны карэспандэнт газеты «Известия» М. Матукоўскі ў трох красавіцкіх нумарах 1974 года надрукаваў дакументальны аповед пра мінскае падполле «1.100 дней». Пасля выхаду гэтага твора ў рэдакцыю прыйшло каля пяці мяхоў лістоў з пытаннем: «Чаму гораду Мінск не прысвоена званне героя?». Такія ж лісты ішлі і да кіраўніцтва краіны. Пасля націску простых людзей, якія даведаліся пра подзвігі мінчан, сталіца Беларусі атрымала званне «Горад-герой».

Самым вядомым творам М. Матукоўскага з’яўляецца камедыя «Мудрамер», напісаная ў 1988 годзе. Гэты твор, як трапна выказаўся С. Лаўшук, быў «<…> накшталт укола з анестэзійным прэпаратам. Так і здаецца, што драматург клапоціцца перш за ўсё пра добрае эмацыянальнае самаадчуванне чытача і гледача. Гэты клопат не дазволіць яму паставіць пытанне-абвінавачванне публіцы: з каго смяяцца, смяецеся з сябе!». П’еса была пастаўлена ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і экранізавана. Спектакль «Мудрамер» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Твор мае нехарактэрны для сатырычнай камедыі фінал: зло не пакарана, нават не выкрыта, а наадварот, прымае іншую форму, яшчэ больш вытанчаную, удасканаленую, і таму яно яшчэ больш жахлівае. П'еса дагэтуль карыстаецца нязменнай папулярнасцю ў гледачоў.

У 1998 годзе выйшла камедыя «Зомбі, альбо Мудрамер–2». Як адзначае сам аўтар у прадмове, гэты твор наватарскі, бо ў ім зроблена спроба прасачыць за лёсам герояў, паглядзець, што з імі можа здарыцца за дзесяць гадоў. П’еса ўяўляе сабой ўзор альтэрнатыўнага нетрадыцыйнага «тэатра без спектакля» (мінарытарнага). Сутнасць такога тэатральнага мастацтва заключаецца ў тым, што аўтары ствараюць парафразы на тэмы класічных твораў, даюць магчымасць развіцца ў п’есах другасным героям за кошт галоўных (як, напрыклад, у італьянскага драматурга, рэжысёра і акцёра Кармэла Бенэ другасны персанаж Шэкспіра Меркуцыа за кошт Рамэа выходзіць на першы план).

Да апошняга свайго дня Мікалай Рыгоравіч плённа працаваў. Напісаў некалькі п’ес, у тым ліку драму «Беражыце эдэльвейсы» паводле аповесці «Альпійская балада» Васіля Быкава, ажыццявіў драматургічную апрацоўку казкі Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка». Былі задумы і іншых твораў, але, на жаль, яны так і не ажыццявіліся…

 

НІА